Сейм Літвы заклікаў стварыць трыбунал для расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі

Літоўскі парламент 8 снежня прыняў рэзалюцыю аб сур’ёзных і сістэматычных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. Сейм заклікаў прэзідэнта і ўрад Літвы, а таксама дзяржавы і структуры Еўразвязу, NATO і Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, патрабаваць вызвалення палітычных зняволеных, пашырыць санкцыі, абвясціць тэрарыстычнымі КДБ і ГУБАЗіК і стварыць міжнародны трыбунал.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Gitanas Nauseda / Twitter

У рэзалюцыі адзначаюць, што ў Беларусі каля 1500 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, а праз затрыманні прайшлі дзясяткі тысяч чалавек, у тым ліку непаўналетнія, і затрыманых катуюць, не аказваюць ім належную медычную дапамогу. За рэзалюцыю прагаласавалі 110 са 141 дэпутата.

Рэзалюцыя заклікае:

  • Неадкладна вызваліць усіх беларускіх палітычных зняволеных, у тым ліку лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, лаўрэатку прэміі Сахарава і прэміі Гавэла Марыю Калеснікаву, палітычных лідараў Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца.
  • Пашырыць санкцыі адносна фізічных асобаў і арганізацыяў, адказных за рэпрэсіі, фальсіфікацыю выбараў, парушэнні правоў чалавека і міграцыйны крызіс.
  • Прызнаць тэрарыстычнымі Камітэт дзяржаўнай бяспекі і Галоўнае ўпраўленне барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (якое стала галоўным інструментам палітычнага пераследу)
  • Неадкладна спыніць удзел прадстаўнікоў Беларусі ў міжнародных арганізацыяў кшталту UNESCO, міжурадавых радах і праграмах у галіне адукацыі, навукі, культуры і інфармацыйнай палітыкі.
  • Абмежаваць любую фінансавую і іншую падтрымку беларускіх дзяржаўных установаў.
  • Стварыць трыбунал для расследавання злачынстваў беларускага рэжыму супраць чалавецтва і супраць народу Беларусі.
  • Пераглядзець правамернасць дамоваў аб прававой дапамозе, заключаных з Беларуссю, каб яны не выкарыстоўваліся праваахоўнымі органамі Беларусі, якія ажыццяўляюць злачынную дзейнасць супраць свайго народу.
  • Падтрымліваць і непасрэдна спрыяць беларускай грамадзянскай супольнасці і няўрадавым арганізацыям у рэалізацыі ўніверсальнай юрысдыкцыі адносна злачынстваў супраць чалавецтва, учыненых у Беларусі.
  • Пры неабходнасці даваць прытулак у краінах Еўразвязу тым, каго пераследуе беларускі рэжым.

Рэзалюцыю ініцыявала дэпутатка Довіле Шакаліене. Яна адзначыла, што Беларусь удзельнічае ў расейскім нападзе на Украіну і не спыняе рэпрэсіяў супраць уласных грамадзянаў. Шакаліене заклікала паслядоўна і сістэматычна патрабаваць вызвалення беларускіх палітвязняў, «нават калі здаецца, што цяпер гэта нічога не зменіць, калі няма надзеі, калі мы адчуваем, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўсё роўна будзе ігнараваць тое, што мы кажам».

ВІДЭА

Лукашэнка мусіць трапіць пад міжнародны трыбунал. Інтэрв’ю з былым прэм’ер-міністрам Літвы

2022.12.02 18:07

Алесь Наваборскі belsat.eu

The post Сейм Літвы заклікаў стварыць трыбунал для расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі appeared first on belsat.eu.

#Беларусь